Асабісты кабінет

МАШТАБ  ЯГО ПОСТАЦІ

  • 30 лістапада 2022 16:43:00


Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа

Увага да спадчыны класікаў беларускай літаратуры актывізуецца ў гады юбілейных вех. Гэта адлюстроўвае і своеасаблівы святочны каляндар іх уганаравання. Грамадска-культурныя і навукова-асветніцкія імпрэзы самага рознага кшталту праходзяць па ўсёй краіне. І толькі тыя ўрачыстасці, што звязаныя з імем Якуба Коласа, маюць уласнае найменне – Каласавіны… Гэтае ўтульнае слова сваім традыцыйным гучаннем падаецца блізкім да тэрміналагічнай лексікі народнага календара, таму і адчуваецца такім жа ўгрунтаваным у беларускай культуры, як і спадчына самога Песняра.
Сёлетнія Каласавіны “Роднага слова” ўвасобіліся ў часопісным нумары-альманаху. Ён працягвае і ўмацоўвае традыцыю выдання тэматычных нумароў, бо ствараўся ў супольнасці з тымі аўтарамі, чые даследаванні найбольш ярка адлюстроўваюць панараму сучаснага коласазнаўства. 
Сённяшнія навукоўцы з асаблівай пільнасцю ставяцца да кожнага дробнага “зернятка” лёсу пісьменніка. Аднак з такой скрупулёзнасці вырастае бачанне грандыёзнага маштабу Коласавай постаці.
Чытачы абавязкова адзначаць тую выразную тэматычную тоеснасць, што яднае гэты альманах з ліпеньскім, прысвечаным Янку Купалу. Прынамсі, многія аспекты і ракурсы даследчыцкіх назіранняў – мовазнаўчая дзейнасць у Інбелкульце, мінскія адрасы, гісторыя хатніх бібліятэк, гумар, партрэтнае ўвасабленне ў жывапісе, адлюстраванне творчасці ў тэатральным мастацтве і іншае – з купалаўскага перайшлі і ў коласаўскі нумар. Такая пераемнасць зусім не выпадковая. Яна падкрэслівае паплечніцтва двух творцаў і адначасова высвятляе іх індывідуальную непаўторнасць. А яшчэ выяўляе патэнцыял сучаснай гуманітарнай навукі, здольнай да творчага падыходу ў асэнсаванні айчыннай “мемарыяльнай” літаратуры.
Прызнаемся, такі “феномен” парадаваў, бо аўтары-навукоўцы нібыта адчулі, угадалі і падтрымалі нашу выдавецкую “палітыку” – імкненне да максімальнай роднаснасці ды адзінства ў серыі гэтых альманахаў па змесце і нават па форме.
Нашы творчыя клопаты ды зацікаўленасці, спрэчкі ды разважанні вакол імя Якуба Коласа асабліва ажыўленыя падчас чарговых Каласавінаў. І чамусьці заўжды ўзнікае пачуццё, што размаўляем мы пра Коласа… пры Коласе! Што ён, сышоўшы ў тагасветную вышыню, неяк зусім нязмушана здолеў навек застацца паблізу зямных абшараў. І ў гэтым бачыцца цёплая прырода сакральнасці яго творчага і чалавечага генія. Яго Асобы.

Наталля ШАПРАН,
галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”.